Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

«Кляновы сок я збіраю менавіта для таго, каб зрабіць з яго сіроп. Яго, вядома, можна купіць і ў краме, але лепш зрабіць самому. Кляновік трохі саладзейшы за бярозавік, хоць і менш папулярны ў нас у Беларусі, — расказвае Андрэй. —

На лецішчы ў мяне якраз маецца некалькі самых звычайных клёнаў. Як толькі пачынае «пахнуць» вясной, прыкладна з пачатку сакавіка, калі няма моцных маразоў, я стаўлю сок. Звычайна ў гэты час снег яшчэ ўсюды ляжыць.

Ідэальнае надвор'е — калі ноччу мінусавая тэмпература, каля —2°С, а днём — да +6°. Калі ёсць такія перапады, сок ідзе добра.

Раблю засечку, падводжу ў яе жалабок, які прымацоўваецца да бутэлькі, і чакаю, калі ёмістасць напоўніцца. Раблю ўсё гэтак жа сама, як і на бярозавік.

Сок фільтрую праз марлю і заліваю ў рондаль з тоўстым дном, даводжу да кіпення на моцным агні, затым памяншаю да мінімуму і чакаю некалькі гадзін, пакуль ён не выпарыцца і на дне не з'явіцца густая бурштынавая вадкасць. Гэта і ёсць наш сіроп. Падчас кіпення часам можа з'яўляцца пенка. Яе трэба прыбіраць.

З 6-літровага рондаля атрымліваецца ўсяго толькі грам з 50 сіропу.

Важны момант: трэба старанна сачыць, калі ў рондалі застанецца менш за палову соку. Вадкасць вельмі хутка выпараецца і імгненна прыгарае. Пару разоў я не ўсачыў, потым прыйшлося вельмі доўга аддзіраць нагар. А чад стаяў па ўсёй кватэры.

Дома ў мяне заўсёды маецца бутэлечка сіропу. Яго можна есці, напрыклад, з блінамі або дадаваць у марозіва. На смак ён салодкі, як цукар, і мае ледзь улоўны, ні на што не падобны прысмак».

Чытайце таксама:

Як уласнаручна зрабіць маянэз ды іншыя запраўкі для салаты

У Мінску і ваколіцах ад сёння пачынаюць прадаваць бярозавік. Цана проста смешная

Раўгеня — унікальны беларускі «квас», які мог бы стаць нацыянальным брэндам

Хутка пойдзе бярозавік. Чым ён карысны і як яго правільна збіраць?

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1