Новая кніга, якую ўклалі доктарка філалагічных навук Ганна Кісліцына і жонка паэта Галіна Разанава, была спярша задумана як том выбранага і сабрана самім паэтам — у 2019 годзе, піша «Звязда».

З прадмовы Г. Кісліцынай «Класік беларускага авангарда» да выдання, якое мы зараз маем шчасце трымаць у руках:

«З маланкаю ў сэрцы» — так павінен быў называцца том выбранага, які ўклаў сам паэт у 2019 г. Назва супадае з радком з аднаго з разанаўскіх версэтаў, але значна шырэйшая за яго змест. Бо маланка — гэта і паэтычная метафара той энергіі, якая злучае ў творчасці паэта зямлю і неба, быццё і небыццё, і метафара тых выпрабаванняў, якія выпалі на яго долю.

Здаецца вельмі важным, каб чытачы маглі ацаніць творчасць Алеся Разанава, кіруючыся яго ўласнымі ўяўленнямі пра тое, якія з яго твораў з’яўляюцца найбольш істотным здабыткам для айчыннай літаратуры. У гэту анталогію ўвайшло не ўсё адабранае — у тым рукапісе было каля 1200 старонак, — але асноўныя кірункі яго творчых пошукаў у кнізе, якую вы трымаеце ў руках, прадстаўлены. На наш погляд, яны даюць поўнае ўяўленне, чаму Алеся Разанава называлі класікам беларускага авангарда, бо краевугольнай ідэяй авангарда, нагадаем, з’яўляецца выйсце за межы вядомага ў невядомае і нават непазнавальнае». 

«З маланкаю ў сэрцы» адкрываецца вершам, які быў народжаны ў 1965 годзе, — «Мова»:

Празрысты звон,
грымотны грукат,
скалісты свіст,
магутны гул —
усе
разрозненыя гукі
цяклі,
каб зліцца
у агул.
Хісталі
ўздыбленыя далі,
глыбаста білі ў небасхіл.
І ў немату не прападалі,
а западалі
і раслі.
І ціш і гром
і звон і шорах
спляліся
ніткаю радства,
калі з грудзей,
нямых і чорных,
аднойчы
мова прарасла. 

Падаецца, што ўсе памкненні, усе, на першы погляд, самыя складаныя мастацкія і філасофскія, проста жыццёвыя вышукі Алеся Разанава былі скіраваны на ўмацаванне таго моста, што злучае традыцыі з вечнасцю, з будучыняй. Наш вялікі сучаснік Алесь Разанаў і далей будзе прачытаным, і зразумелым не толькі для новых пакаленняў беларусаў.

Такой упэўненасці дадаюць і заключныя разанаўскія радкі з кнігі «З маланкаю ў сэрцы», якая выйшла ў мінскім выдавецтве «Папуры»: «Мэта паэтычнай творчасці — вершы, а метамэта — у выйсці… У выйсці з абмежаванасцяў, з якімі зрошчана і зроднена асабовасць, у боскія абсягі. Вершы — сляды ў паднябессіці, калі ўдакладняцца, сляды з паднябесся». 

Давайце паспрабуем пайсці следам за яркім мастаком слова, паспрабуем зразумець і адкрыць штосьці сутнаснае, што гучыць, што закладзена ў яго вершах, паэмах, пункцірах, версэтах, вершаказах, квантэмах, зномах. 

Чытайце таксама:

Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў новы альбом «Акно»

«Чытай уважліва. У кожнай кніжцы ты прысутнічаеш». Жонка Алеся Разанава расказала пра вялікага паэта

Вось як Алесь Разанаў адказваў на пытанне, ці паціснуў бы руку Лукашэнку

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0