Сіла Блэк на сваім шоу «Surprise Surprise». Скрыншот з відэа

Сіла Блэк на сваім шоу «Surprise Surprise». Скрыншот з відэа

Прысцыла Марыя Вероніка Уайт нарадзілася ў разгар Другой сусветнай вайны, 27 мая 1943 года ў раёне Воксхал Ліверпуля. Сама сям’я мела ірландскія карані, а таму трымалася каталіцкай веры ў спрэс пратэстанцкай Англіі.

Ліверпуль — гэта англійскі партовы горад на ўзбярэжжы Ірландскага мора. Як найбуйнейшы порт на заходнім узбярэжжы, ён меў стратэгічнае значэнне для абароны Вялікабрытаніі. У маі 1941 года ў выніку сямідзённай бамбардзіроўкі нацыстаў, якія скінулі з 681 бамбардзіроўшчыка больш за 2000 бомбаў, горад быў спустошаны. Разбураны, але няскораны, Ліверпуль даў пасляваеннай Брытаніі многіх сусветнавядомых зорак.

Адной з такіх імкнулася стаць і Прысцыла Уайт. Падчас працы ў камерцыйным каледжы яна ўладкавалася на паўстаўкі прыбіральшчыцай у ліверпульскі клуб Cavern Club. Выбар быў невыпадковым — клуб быў цэнтрам рок-н-ролу ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў. Але найбольш вядомы ён тым, што цесна звязаны з гуртам The Beatles, які за пару гадоў выступіў тут ажно 292 разы.

Імправізаваныя выступленні Сілы былі заўважаны бітламі і ў хуткім часе яе запрасілі спяваць у клубах. Псеўданім-антонім з’явіўся выпадкова: у мясцовым музычным выданні, распавядаючы пра спявачку, дапусцілі памылку, пераблытаўшы Уайт (белы) і Блэк (чорны). Але спявачка ўрэшце стала выступаць менавіта пад гэтым новым імем.

Сіла Блэк сярод бітлоў. 

Сіла Блэк сярод бітлоў. 

Ужо другі сінгл Блэк, кавер на песню «Anyone Who Had a Heart», узляцеў на першае месца ў брытанскіх чартах. Яго славу паўтарыла песня «You're My World», англійскі кавер на папулярную італьянскую песню «Il Mio Mondo» Умберта Біндзі. Абедзве песні былі прададзены тыражом больш за мільён копій па ўсім свеце і сталі «залатымі».

Песня «You're My World» можа быць знаёма больш шырокаму колу па саўндтрэку да псіхалагічнага фільма жахаў «Мінулай ноччу ў Соха» 2021 года, дзеянне якога часткова адбываецца ў 1960-я.

Сама Блэк песняў не пісала, але выконвала творы, напісаныя Ленанам, Мак-Картні, Філам Спектарам, Томам Хардынам, Бертам Бакаракам і іншымі. Песні ў яе выкананні яшчэ не раз траплялі ў брытанскія чарты.

Сіла Блэк у 1968 годзе. Фота: Keystone/Hulton Archive/Getty Images

Сіла Блэк у 1968 годзе. Фота: Keystone/Hulton Archive/Getty Images

Блэк удзельнічала ў музычных шоу на тэлебачанні, а вось спробы Эпстэйна зрабіць яе яшчэ і кінаактрысай пацярпелі правал. За год да смерці прадзюсара ў 1967 годзе ад перадазіроўкі наркотыкаў іх адносіны са спявачкай сапсаваліся. Сіла адчувала, што Эпстэйн надае мала ўвагу яе кар’еры, а яе сінглы «A Fool Am I» і «What Good Am I?» не мелі вялікага поспеху. 

Вярнуцца ў верхнія радкі чартаў Блэк змагла толькі ў 1969 годзе з песнямі «Conversations» (7-ы радок), «Surround Yourself with Sorrow» (3-і), яшчэ адзін поспех прынесла кампазіцыя «Something Tells Me (Something's Gonna Happen Tonight)», якая заняла таксама трэці радок у брытанскім чарце. Увесь час яна працягвала супрацоўнічаць з бітламі. Са сваім менеджарам Бобі Уілісам, які вярнуў ёй славу пасля смерці Эпстэйна, яна ўрэшце пабралася шлюбам.

Сіла Блэк у 1970-я. Фота: Wikimedia Commons

Сіла Блэк у 1970-я. Фота: Wikimedia Commons

З 1968 па 1976 гады яны вяла на канале BBC уласнае шоу Cilla, а з 1975 года была галоўнай гераіняй камедыйных п’ес «Cilla's Comedy Six» на канале ITV. 

Праўда, да пачатку 1980-х гадоў кар’ера Блэк скацілася да выступаў у кабарэ і на канцэртах, а выступы на тэлебачанні сталі досыць рэдкімі.

Але ў 1983 годзе яна даказала, што ва ўсіх можа быць другі шанец. Блэк падпісала кантракт з London Weekend Television, якая валодала сеткай каналаў ITV, стаўшы вядучай двух найнапулярнейшых вячэрніх забаўляльных шоу 1980—1990-х гадоў — «Blind Date» і «Surprise Surprise». Гэтыя шоу дазволілі ёй стаць самай высокааплатнай выканаўцай на брытанскім тэлебачанні.

Сіла Блэк на шоу «Surprise Surprise» у 1989 годзе. Фота: TV Times via Getty Images

Сіла Блэк на шоу «Surprise Surprise» у 1989 годзе. Фота: TV Times via Getty Images

Шоу «Surprise Surprise» паказвала ажыццяўленне даўніх мараў, здзяйсненне трукаў перад публікай, розыгрышы і ўз’яднанне даўно згубленых блізкіх людзей. Сіла Блэк пачынала і завяршала шоу аднайменнай песняй «Surprise Surprise», напісанай Кейт Робінс. Шоу вытрымала 14 сезонаў, стаўшы адным з самых працяглых на брытанскім тэлебачанні, і было завершана толькі ў канцы 2001 года.

У 2014 годзе канал ITV зняў пра сваю знакамітую вядучую трохсерыйны серыял «Сіла», які распавядаў пра яе ўзыходжанне да славы ў Ліверпулі 1960-х гадоў і яе адносіны з Бобі Уілісам.

Арыгінальны запіс шоу «Surprise Surprise» 1986 года. 

Менавіта адна з канцовак выпуску шоу «Surprise Surprise», запісанага меркавана ў 1986 годзе, з выкананнем Сілай традыцыйнага сінгла паслужыла асновай для шаблону, які сёння набыў шырокую папулярнасць у тыктоку.

Сама спявачка ўжо не пабачыла свайго «трэцяга шанца» вярнуць славу, бо памерла яшчэ ў 2015 годзе на 73 годзе жыцця. Помнік маладой Сіле Блэк быў у 2017 годзе пастаўлены каля месца, дзе калісьці быў уваход у Cavern Club, знесены ў 1970-я, з якога ўсё і пачыналася.

Помнік Сіле Блэк у Ліверпуле каля месца, дзе быў уваход у Cavern Club. Фота: Wikimedia Commons

Помнік Сіле Блэк у Ліверпуле каля месца, дзе быў уваход у Cavern Club. Фота: Wikimedia Commons

Дакладна невядома, калі гэты запіс перадачы з Сілай Блэк упершыню быў выкарыстаны ў якасці мема. Першыя прыклады сустракаліся яшчэ ў 2021 годзе, калі відэа з гэтай песняй жартавалі пра амікрон, які з’явіўся на Каляды.

28 верасня 2023 года шаблон з выразанай Сілай на зялёным фоне дадалі ў тыкток, спарадзіўшы масу мемаў.

Цяпер, калі мем стаў дастаткова вядомы, некаторыя карыстальнікі пачалі ставіць замест постаці Сілы саміх сябе, разводзячы рукамі як знакамітая брытанская тэлевядучая.

І хоць у арыгінальным брытанскім шоу сюрпрызы былі збольшага прыемнага характару, тыктокеры найчасцей выкарыстоўваюць яго, каб іранічна апісаць непрыемныя неспадзяванкі ў іхнім жыцці.

Клас
13
Панылы сорам
3
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?