«Часам прыходзяць да высновы, што зрабілі з камара каня»

Перш за ўсё Алена звяртае ўвагу на тое, што беларусы-эмігранты — гэта ў шматлікіх выпадках уцекачы па ўласным жаданні.

«Тыя, хто пераехаў ад дакладнай бяды — вобшуку, затрымання, стапрацэнтнай небяспекі, — сумуюць па Радзіме. Але перад імі не стаіць пытанне, ці вярнуцца ў Беларусь, яны разумеюць, што для іх гэта небяспечна, іх грамадзянская пазіцыя не разбураецца.

Ёсць і тыя, хто з’ехаў, бо не хацеў рызыкаваць ні сабой, ні дзецьмі, але пры гэтым не меў фактаў, якія б пацвярджалі, што гэтая рызыка для яго дакладна існуе, у яго было толькі меркаванне. Рызыку ўвогуле немагчыма пралічыць», — тлумачыць Алена.

Пасля ад’езду такі беларус сутыкаецца з тыповымі цяжкасцямі эміграцыі: напрыклад, яго дзіця пачынае сумаваць, скардзіцца на школу і на тое, што даўно не бачыла бабулю. Бацькам цяжка на гэта нешта адказаць, калі яны не могуць паказаць факт небяспекі.

Так у чалавека з’яўляюцца сумневы, ён пакутуе ад іх і часам прыходзіць да высновы, што зрабіў з камара каня. У Беларусі жывуць людзі, там засталіся бацькі, сябры. Чалавек вырашае, што як мінімум можна паехаць у Беларусь і перавесці дух, а то і ўвогуле спыніць усе гэтыя пакуты эміграцыі і вярнуцца назад, дзе ўсё зразумела. Збольшага вяртаюцца тыя, хто не меў дакладных доказаў пераследу. Калі ж чалавек мае такія доказы, ён таксама можа падумаць пра паездку дахаты, але як мінімум будзе добра ўсведамляць рызыку.

Алена расказвае пра з’яву, з якой часта сутыкаецца ў тых, хто сабраўся ў Беларусь:

«Перад паездкай людзі пачынаюць адчуваць эйфарыю, нібыта перад адпачынкам ці чым-небудзь добрым, прадчуваюць сустрэчу з блізкімі і вырашэнне сваіх праблем, напрыклад, што зоймуцца здароўем. Гэта вельмі эмацыйна зараджаныя абставіны, чалавек у іх мінімізуе рызыку і павялічвае адчуванне радасці перад вяртаннем.

Зразумела, што яны рызыкуюць. Але такі чалавек можа спытаць: што не так з маёй паездкай? У Беларусі жывуць людзі, там не бамбяць». 

З аднаго боку, ёсць шмат прыкладаў, як людзей пасля вяртання затрымлівалі. Але хіба нехта вучыцца на прыкладах іншых, пытаецца псіхолаг? І прыводзіць прыклад таго, як адбываецца часцей: «Калі ў маім халадзільніку стаіць торт, я магу вельмі добра ведаць, што ад тартоў можна набраць вагу. Але торт каля мяне, і я хаця б кавалак ад яго адкушу. Бо я маю перад вачыма абяцанне хуткага шчасця, а потым, мажліва, нічога не здарыцца, можа, я пайду на шпацыр і не набяру вагі».

Экспертка тлумачыць, што чалавечая псіхіка схільная шукаць магчымасці атрымаць уласнае шчасце і ігнараваць здаровы сэнс. Калі ў гульню ўступаюць розум і эмоцыі, апошнія заўсёды перамагаюць.

«Ёсць меркаванне, што можна вярнуцца ў сітуацыю да 2020 года, але гэта не так»

Алена акцэнтуе ўвагу на фактарах, якія могуць выпусціць з-пад увагі тыя, хто збіраецца дахаты: «Тыя, хто вярнуўся ў Беларусь і пасля гэтага ніяк не пацярпеў, не былі затрыманыя, усё роўна не могуць апынуцца ў той Беларусі, адкуль некалі эмігравалі, бо ўсё змянілася. Ім робіцца трохі лягчэй, чым у эміграцыі, і калі яны ў краіне ненадоўга, яны могуць не заўважыць, як яна змянілася. У іх ёсць меркаванне, што можна вярнуцца ў сітуацыю да 2020 года, але гэта не так».

Псіхолаг параўноўвае гэта з тым, як разведзеныя людзі часам спрабуюць склеіць сям’ю, уяўляюць, быццам можна вярнуцца ў стан першых тыдняў шлюбу. Насамрэч гэта магчыма зусім не заўсёды. 

Алена расказвае, што некаторыя з яе кліентаў таксама часам вяртаюцца ў Беларусь, прычым робяць гэта таемна ад псіхолага. Кліент проста прапануе наступную сесію правесці анлайн, выдаляе ўсе паведамленні і раптам апынаецца ў Беларусі. Такая таемнасць паказвае, што людзі разумеюць сумнеўнасць іх рашэння вяртацца. Акрамя таго, яны рыхтуюцца да чагосьці дрэннага, усведамляюць, што выбіраюць паміж двума дрэннымі варыянтамі. Памылкова лічыць такіх людзей неразумнымі.

Спецыялістка прыводзіць прыклад:

«Жанчына прыехала ў Варшаву і змагла ўладкавацца толькі крамніцай у прадуктовым магазіне. Яна мае вышэйшую філалагічную адукацыю, яна добрая спецыялістка, але ў Варшаве ёй складана сябе з такой адукацыяй рэалізаваць і працягнуць працаваць са студэнтамі. Калі вярнуцца, ты хаця б зможаш знайсці працу па спецыяльнасці і павысіць свой статус, зможаш камунікаваць з сябрамі, якія спакойна жывуць у Беларусі і пішуць табе, што ў іх усё добра. І калі ты выбіраеш паміж працай на касе і статусам выкладчыцы ўніверсітэта, большасць выбера апошні варыянт і вернецца».

Першы тыдзень пасля вяртання, кажа Алена, людзі звычайна дужа шчаслівыя. А вось потым яны пачынаюць скардзіцца, што ў Беларусі ўсё неяк не так — не тыя цэны, прадукты, і ўвогуле яны неяк інакш уяўлялі сабе вяртанне, чым гэта аказалася на самай справе. Псіхолаг адказвае на гэта, што ў адну раку не ўваходзяць двойчы, і яны з’ехалі з Беларусі не без прычыны. 

Алена адзначае, што людзі ў эміграцыі часта не заўважаюць дробных адаптацыйных працэсаў, якія з імі адбываюцца. Нехта можа сказаць: маўляў, ніяк не магу прывыкнуць да гэтай Польшчы. Але пры гэтым такі чалавек будзе есці польскія прадукты і ведаць, дзе іх набыць, разумець, што яму падабаецца канкрэтны брэнд малака. 

«Нават калі чалавек у дэзадаптацыі, яго розум лепш ведае, як яму жыць»

Навіны пра затрыманне тых, хто вярнуўся на радзіму, з'яўляюцца рэгулярна. Але існуе прынцып дамінанты навукоўца Ухтомскага: калі працуюць эмоцыі, розум маўчыць і нічым не дапаможа. Таму, калі склалася дамінанта «я хачу дахаты», ні адно слова, перакананне ці аргумент не будзе супраць яе працаваць, яны, наадварот, будуць яе падтрымліваць. Так, у аналагічнай сітуацыі кагосьці ўжо затрымалі, але ж гэта ён сядзіць, а не я, тлумачыць Алена.

Такому чалавеку можна нагадаць пра вялікую рызыку. А ён табе адкажа: так, я ўсё разумею, але думаю, што там мне будзе лепш і спакайней. Гэта выбар чалавека, мы ўсе кожны дзень робім учынкі, якія, на нашу думку, павінны зрабіць наша жыццё лепшым. Чалавек заўсёды верыць, што ён зможа пазбегнуць любой небяспекі, бо калі верыць у адваротнае, можна скаціцца ў дэпрэсію. 

Таму, калі чалавек прыняў рашэнне вяртацца, мы не спынім яго словамі, інфармацыяй, дэманстрацыяй нейкіх ролікаў. Псіхолаг увогуле выступае супраць такіх мер: «Я за тое, каб не дапамагаць гвалтоўна, нават калі чалавеку праз гэта стане лепш. Людзі пакінулі краіну, бо на іх уздзейнічаў гвалт, як мінімум эмацыйны, іх прымушалі думаць і паводзіць сябе не так, як ім хацелася. Яны палічылі, што для іх гэта непрымальна, і пакінулі краіну або выйшлі на пратэсты. 

Лічу, што нават калі чалавек у дэзадаптацыі, яго розум лепш ведае, як яму жыць. Нельга выкарыстоўваць гвалт нават дзеля дабра і шчасця. Таму, калі чалавек на 100% прыняў рашэнне вяртацца, можна яму сказаць вось што: «Гэта тваё дарослае рашэнне. Я за цябе хвалююся, ведаю шмат фактаў, якія сведчаць, што ты падвяргаеш сябе і сваіх дзяцей рызыцы, але гэта твой выбар».

Спецыялістка дзеліцца сумнай гісторыяй вяртання са свайго акружэння: «Блізкі сябар майго сына вырашыў паехаць на два дні ў Беларусь, каб пабыць у мамы на дні нараджэння, набыў падарунак. Яго забралі проста на мяжы. Мы з яго мамай вельмі доўга яго шукалі, бо хлопец выехаў з Варшавы і не прыехаў на месца. У выніку яго асудзілі на некалькі гадоў хіміі.

Мы ўсе яму казалі, што ехаць небяспечна: маўляў, ты ж дарослы чалавек, у цябе праца ў Варшаве, павіншуй маму па тэлефоне. А ён адказваў: гэта ж мая мама. То-бок замест розуму спрацавалі эмоцыі. Чалавек лічыў, што ён нічым не рызыкуе, ён не ўдзельнічаў у пратэстах, бо тады вучыўся ў Польшчы. Але ў яго, здаецца, знайшлі нешта ў тэлефоне і да гэтага прывязаліся. Думаю, што мы ніяк яго не спынілі б. Якія аргументы можна прывесці чалавеку, які ўпэўнены, што ён проста з’ездзіць на два дні ў Беларусь?»

«Эмоцыі кажуць чалавеку, што яму не падабаецца ў Польшчы і трэба ехаць дахаты, і ён адкідае факты»

Калі чалавек яшчэ не цалкам упэўнены ў тым, што хоча вяртацца, псіхолаг раіць яму паглядзець статыстыку таго, колькі чалавек і за што затрымліваюць у Беларусі па вяртанні. 

«Калі чалавек прыйдзе да мяне з сумневамі і неразуменнем, ці ехаць яму ў Беларусь, тады мы з ім разам распішам аргументы за і супраць вяртання. У такім выпадку на яго можа паўплываць любы спецыяліст і любое медыя, і не мае значэння, што ён пачуе. А цяпер інфармацыі так шмат, што, калі нехта сумняваецца, ён яе знойдзе, мы нічога яму не дададзім», — лічыць псіхолаг.

Калі ідзе гаворка пра вяртанне, мае месца парушэнне працэсу адаптацыі. Чалавек, які выехаў за мяжу і пачаў тут новае жыццё, не будзе думаць пра тое, як яму вярнуцца. 

Адна з прыкмет дэзадаптацыі — гэта тое, што людзі не ўсведамляюць сваіх штодзённых эмігранцкіх подзвігаў.

Алена расказвае, як гэта працуе: «Часам прашу кліентаў пералічыць свае дасягненні, а яны адказваюць, што ім няма пра што казаць. Тлумачу, што размова не пра рэчы, за якія даюць Нобелеўскую прэмію, і пытаюся: вы ведаеце, дзе набыць добрую каву ў Варшаве, дзе павячэраць з сябрамі? Чалавек адказвае, што ведае. Вы можаце дамовіцца з польскім доктарам? Чалавек адказвае, што так, але пры гэтым не згаджаецца, што ён умее гутарыць па-польску.

То-бок чалавек нешта зрабіў, ён малайчына, але ён мінімізуе свае дасягненні. Эмоцыі кажуць чалавеку, што яму не падабаецца ў Польшчы і трэба ехаць дахаты, і ён адкідае факты. Калі працуюць эмоцыі, розум спіць. Прашу ў чалавека факты таго, як ён уладкаваўся ў новай краіне, адказвае — усё вельмі дрэнна. У такія моманты кліенты вельмі злуюцца, адчуваю ад іх шмат супраціву: маўляў, чаго вы да мяне прычапіліся, мне тут дрэнна, усе гэтыя дасягненні — лухта».

Калі чалавек цярпіць дэзадаптацыю і працягвае інтэгравацца ў новае грамадства, з часам стане лепш, кажа спецыялістка. Складана тым, хто чамусьці вырашыў, што адаптуецца да новай краіны за пару месяцаў. Насамрэч адаптацыя да новага месца, сувязей і мовы доўжыцца да трох гадоў, а ў складаных выпадках і да пяці, папярэджвае псіхолаг. Трэба пэўны час і прывыканне для таго, каб мець магчымасць выйсці на вуліцу і сказаць: я ведаю гэты раён. Другі год самы цяжкі, трэці — ужо лепей. 

Вельмі добры спосаб адаптавацца — дапамагаць камусьці іншаму прывыкнуць да гэтай жа краіны, расказваць, як схадзіць у паліклініку і дзе паабедаць. Тады можна на практыцы ўбачыць, адаптаваны ты да новай краіны ці не.

Яшчэ вельмі важна, што адаптацыя ідзе хвалямі, а не роўна: сёння чалавеку добра, а заўтра — трохі сумна, паслязаўтра — зноў добра, а на наступны дзень — цяжкавата. Але ён паціху прасоўваецца ў бок сушы і становіцца на ногі. Прамога шляху няма ні ў кога, людзі, якія вераць у хуткую і лёгкую адаптацыю, дакладна вернуцца. Ім будзе здавацца, што яны пацярпелі няўдачу, а насамрэч гэта будзе проста першы адкат хвалі.

Чытайце таксама:

Актывіст Ілья Дабратвор: Я вырашыў вярнуцца ў Беларусь у наступны панядзелак. Васкрасенскі сказаў, што ўсё будзе добра

Працягваюцца затрыманні на межах пры ўездзе ў Беларусь

У тых, хто выязджае за мяжу без візы, пачалі патрабаваць паказваць ДНЖ. Што вядома

Клас
59
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?