Для тангджонг (кісель, які робіць цеста далікатным і пульхным):

  • 130 г малака,
  • 20 г мукі.

Для цеста:

  • 130 г малака,
  • 2—2,5 ст. л. цукру,
  • 30 г жывых дражджэй (10 г сухіх),
  • 400 г мукі,
  • 1 ч. л. солі,
  • 1 яйка,
  • 1 ст. л. смятаны,
  • 2 ст. л. алею,
  • 30 г мяккага масла.

У 130 г малака ўмяшайце венчыкам сталовую лыжку мукі і, пастаянна памешваючы, заварыце на пліце тангджонг. Прыкрыйце накрыўкай і трохі астудзіце.

У наступных 130 г цёплага малака растварыце цукар і дрожджы, паступова дадавайце пару лыжак мукі з агульнай колькасці. Калі падымецца шапачка дражджэй, увядзіце ў сумесь тангджонг, яйка, алей, смятану і соль, змяшайце і пачніце часткамі дадаваць муку. Калі цеста перастае браць муку, вымесіце яго 3—5 хвілін міксерам або рукамі.

Змажце цеста маслам і мясіце яшчэ хвіліны тры. Пакіньце яго ў цяпле. Калі аб'ём цеста павялічыцца ў 2-3 разы, яно гатова. З гэтага цеста можна зрабіць піражкі, а можна — булачкі. Рэцэпт булачак будзе ніжэй.

Булачкі хакайда з курагой і разынкамі

Раскачайце цеста ў прамавугольнік, пасыпце злёгку цукрам, нарэзанай курагой, разынкамі, акуратна згарніце ў рулет, зашчыпайце ўздоўж. Перавярніце швом уніз, разрэжце на любую колькасць кавалкаў і пакладзіце булачкі на бляху пад ручнік хвілін на 40—45. Разагрэйце духоўку да 190° на рэжыме верх-ніз. Змажце булачкі сумессю жаўтка напалову з малаком і пячыце 20—25 хвілін. Гатоўнасць вызначаецца па колеры. Дастаньце гатовыя булачкі, прыкрыйце іх ручніком, каб скарыначка была мяккай.

Калі вы любіце булачкі з карыцай, то да 2 ст. л. цукру трэба дадаць чайную лыжку карыцы і пасыпаць раскачанае цеста гэтай сумессю.

І яшчэ з гэтага цеста атрымліваюцца і смажаныя, і печаныя піражкі аднолькава добра. Начынка можа быць любой.

Клас
42
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3