Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

«Буду так хадзіць да самай перамогі»

Ліна Габт нарадзілася ў Расіі, у горадзе Омску. Калі ёй было 10 гадоў, сям’я пераехала жыць у Жодзіна. 

У 1981-м, у свае 26, Ліна пераехала ў ГДР услед за мужам. 

«Беларусь мне дарагая. Глядзіш, што там робіцца: як хапаюць людзей на вуліцы, адбіраюць сцяг у Ніны Багінскай, б’юць людзей. Як дапамагчы? Ніяк. Тады вырашыла, што буду так апранацца, у мяне такі сцяг ніхто не адбярэ. 

Пайшла ў цырульню, пафарбавала частку валасоў у чырвоны колер. Мяне тады яшчэ ў цырульні запыталіся, чаму так, я патлумачыла, малады чалавек адказаў: «Рэспект». Таксама тады зрабіла татуіроўку (у Ліны на руцэ сімвалы пратэснага руху — кулак, сэрца, «віктары». — НН). 

Сама не ведаю, як перажыць гэтыя складаныя часы. Думала, што мы хутка пераможам. Час праходзіць, а з кожным днём усё горш. Рукі апускаюцца. Ведаць, што такое зло пануе над дабром, вельмі цяжка», — расказвае яна.

Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

Па словах Ліны, атачэнне вельмі добра паставілася да яе новага вобразу — як моладзь, так і людзі яе гадоў (жанчыне 69 гадоў). 

«Нават маладыя хлопцы звяртаюць увагу, у краме прадавец сказаў, што прыгожа, — кажа яна. — Гэта прыемна. У такім становішчы трэба паказваць, адкуль ты. 

Думала, што мяне падтрымае моладзь, пафарбуе хтосьці таксама так валасы, але не. Хаця ў Вільні сустрэла пару адну, малады чалавек таксама цяпер хоча сабе такую прычоску зрабіць. Але ў яго вельмі чорныя валасы, у мяне ж сівыя. Трэба спачатку асвятляць, каб чырвоны атрымаўся яркім.

Задавальненне гэта дарагое, каштуе зрабіць такую прычоску 50 еўра, але я вырашыла, што буду так хадзіць да самай перамогі. А ў цэлым мэта ў мяне была такая: што вось хутка пераможам, вярнуся ў Мінск да сяброў, а потым пайду ў цырульню і пагалюся, адрашчу свае сівыя. Але мне цяпер так спадабалася, што я, мусіць, нават пасля перамогі буду насіць».

Летам жанчына носіць толькі бел-чырвона-белае адзенне, а на зіму ёсць рэчы і іншых колераў. 

«Зімой не так часта выходжу, але паліто таксама ёсць чырвонае і белае, — расказвае яна. — 

Яшчэ я дома зрабіла невялікі музей з артэфактамі беларускай рэвалюцыі: ёсць карціна ад Вольгі Якубоўскай, карціна ад Наталлі Бордак, лялькі, адну з іх зрабіла актрыса Зоя Белахвосцік. У Вільні цяпер набыла кнігу Кастуся Севярынца, еду ў Таўрогі, хачу там зайсці ў бібліятэку, паглядзець, дзе ён жыў. Апошні год ён вельмі сумаваў па Таўрогах, хацеў туды трапіць. Зраблю гэта за яго я». 

Час ад часу Ліна купляе новыя бел-чырвоныя-белыя рэчы ў свой гардэроб. 

«У мяне белая і чырвоныя сукенкі ёсць, яны аднолькавыя, каштавалі 50 еўра кожная, звычайна прыкладна столькі і трачу на адну рэч, — кажа яна. — У Вільні таксама цяпер убачыла сукенку з ільну, каштавала 100 еўра, таксама купіла, хаця не збіралася. Калі працавала ў школе, хадзіла ў чорным. Падаецца, ён робіць зграбнай, але ўлюбілася ў чырвоны і белы. 

Упрыгажэнні мне робяць розныя беларускія мастакі, майстрыцы».

Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

«Я касмапалітка»

Пераехала ў горад Штраўсберг Ліна ў 1981-м. Яна закахалася ў немца і выйшла за яго замуж. 

«Пазнаёмілася з ім, яшчэ калі нам было па 14 гадоў, ён тады прыехаў у Беларусь па абмене, на наступны год я паехала ў ГДР. Пасля доўга перапісваліся, а потым ажаніліся ў 1980-м. 

9 месяцаў трэба было чакаць, каб сабраць усе дакументы і выехаць. Але, вядома, у той час ужо было лягчэй з гэтым, чым у тыя ж 1960-я», — кажа яна. 

У Германіі Ліна нарадзіла траіх дзяцей: у яе два сыны і дачка. Спачатку жанчына працавала ў яслях, пасля — настаўніцай замежных моў у школе, выкладала французскую, рускую, нямецкую (у Мінску яна скончыла інстытут замежных моў). Муж Ліны ў той час быў афіцэрам нацыянальнай народнай арміі ГДР.

Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

«Ехаць не баялася. Ведала яго, сям’ю. Я такі самастойны чалавек, было ўсё роўна, дзе жыць. У Савецкім Саюзе людзі, напрыклад, жаніліся ў Маскве, а ехалі жыць ва Уладзівасток. Ездзілі туды-сюды», — расказвае яна. 

Апошні раз у Беларусі Ліна была ў 2019-м. Заязджала яна туды перад падарожжам у Японію.

«Для нас Беларусь была замежнай краінай, бо нават людзі размаўлялі інакш. Першы час не разумела, што мне кажуць. Падыходзіць хлопчык, кажа: «Дасі мне яблык?» Беларускую ніколі не вывучала. Цяпер размаўляю, бо я з мовамі сябрую, ведаю ўжо некалькі, то як не размаўляць на беларускай?» — тлумачыць яна. 

Ліна — касмапалітка. Яна не вызначае сябе выключна як беларуску, рускую ці немку. 

«Калі я з беларусамі, я беларуска. Калі з рускімі — руская, калі з немцамі — немка, з французамі — францужанка. Калі была ў Японіі, адчувала сябе японкай. Па ўсім свеце знаходжу сяброў. 

У Японіі сям’я, у якой я жыла, размаўляла на англійскай і японскай, гэтых моваў я не ведаю, але ўсё роўна мы неяк камунікавалі. 

Я маю ўжо 30 гадоў нямецкае грамадзянства. Проста ведаю, што Германія, калі раптам будзе патрэбна, стане мяне абараняць. У мяне тут і дзеці, і ўнукі, тут і паміраць збіраюся», — кажа яна. 

«Апошнія тры гады падарожнічаю ў бел-чырвона-белым строі»

Жанчына шмат падарожнічае. 

«За апошнія шэсць гадоў я была ў 26 краінах. Усюды адчуваю сябе добра. Езджу адна, ніякіх арганізаваных падарожжаў мне не трэба, сама планую. А цяпер гэта вельмі проста: купіць квіткі, абраць месца, дзе спыніцца. Часцей за ўсё на самалёце альбо цягніку перамяшчаюся. І апошнія тры гады я падарожнічаю ў бел-чырвона-белым строі. 

Калі адпачывала ў Ніцы, там яшчэ на плечы клала сабе сцяг. Беларусы падыходзілі, фатаграфаваліся са мной.

Іду па Берліне, людзі спыняюцца, кажуць, што прыгожа, і тады я ім расказваю пра Беларусь і апошнія навіны з краіны. Дзесьці дваццаць хвілін ідзе размова, звычайна твары маіх суразмоўцаў становяцца сур’ёзнымі, кажу, каб яны расказвалі пра гэта далей. 

Таксама хадзіла назіраць, як праходзяць выбары ў Германіі. Выявілася, што любы з вуліцы можа прыйсці і стаць назіральнікам, для гэтага нічога не трэба. Прыйшла, села і глядзела, як праходзяць выбары. 

Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

У наступны раз хачу пайсці пасядзець у камісіі. Але там не як у Беларусі, дзе большасць у камісіі — настаўнікі з начосамі. На падлік галасоў мне, дарэчы, таксама дазволілі прыйсці, стаяць і глядзець», — дзеліцца Ліна.

«Мая пенсія складае 1500 еўра»

Цяпер Ліна жыве ў Берліне, туды яна пераехала ў 2000-м, пасля таго як разышлася з мужам. 

Жанчына на пенсіі, выйшла на яе ў 66 гадоў.

«У мяне трошкі ніжэйшая пенсія, як для настаўніцы, чым у іншых аднагодак, бо быў такі момант, што я некалькі гадоў не працавала, атрымлівала дапамогу па беспрацоўі. Гэта і паўплывала.

Атрымліваю цяпер 1500 еўра. Арэнда кватэры ў мяне невялікая для Берліна. Мне хапае гэтых грошай на жыццё, вандроўкі і дапамогу людзям у Беларусі. 

Цяпер падчас падарожжа ў Вільню я таксама раблю данаты пэўным людзям», — расказвае яна. 

Калі Ліна працавала настаўніцай, заробак яе складаў 2700 еўра.

Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

«На гэта можна добра жыць, тады я больш вандравала, цяпер не так, трэба адкладваць, — дзеліцца яна. — Ёсць пенсіянеры, якія атрымліваюць 500-600 еўра, а з астатнім дапамагае дзяржава. Калі не хапае на жыццё, трэба ісці ў сацыяльнае ведамства, яны дадаюць грошы да мінімуму — 520 еўра. Калі не хапае грошай на аплату кватэры, там ёсць дапамога і на гэта. Ведаю адну жанчыну, якая цяпер пайшла ад мужа, ёй трэба здымаць кватэру асобна, дапамагае дзяржава — 400 еўра на гэта выдаецца. 

Але цяпер у Германіі не хапае настаўнікаў, дык я думаю яшчэ год папрацаваць, пакуль ёсць сілы», — падсумоўвае жанчына.

Чытайце таксама: 

«Разглядаецца ўся Беларусь». Пляцоўку пад могільнік ядзерных адкідаў яшчэ не абралі

«Беларускі народ не скарыўся, падзеі 2020 года не забытыя». Наталля Пінчук выступіла ў Еўрапарламенце

Для Эдуарда Бабарыкі пракурор запрасіў 10 гадоў калоніі

«Доўга ў горадзе ўжо не магу — не ведаю, што там рабіць». Як сям'я добра і прыемна жыве ў райскім месцы ў глухмені

Клас
56
Панылы сорам
5
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?