На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаванае рашэнне Мінгарсавета №342 ад 24 снежня. Ім зацверджаны бюджэт сталіцы на 2022 год. Выдаткі бюджэту запланаваныя на ўзроўні 7,1 млрд рублёў, а даходы — 6,9 млрд. Дэфіцыт вызначаны ў 200 млн рублёў, паведамляе reform.by.
У сталіцы плануюць сабраць 6,4 млрд падаткаў, у тым ліку 3,25 млрд рублёў падаходнага падатку з фізічных асоб і 1,85 млрд рублёў падатку на прыбытак. Паступленні ад падатку на нерухомасць запланаваныя на ўзроўні 310,27 млн рублёў, а ад падатку за валоданне сабакамі — 373,8 тыс. рублёў.
Непадатковыя даходы вызначаныя ў памеры 425,3 млн рублёў, у тым ліку 46,38 млн рублёў дывідэндаў, 11,05 млн рублёў штрафаў і 345 тыс. рублёў даходаў ад канфіскаванай маёмасці.
Гарадскія ўлады маюць намер выдаткаваць на агульнадзяржаўную дзейнасць 1,53 млрд рублёў, у тым ліку 67,86 млн рублёў на дзяржорганы агульнага прызначэння і 67,55 млн рублёў на органы мясцовага кіравання і самакіравання, 123,9 млн рублёў будуць залічаныя ў рэзервовыя фонды, а 1,2 млрд рублёў перададзеныя ў бюджэты іншых узроўняў.
Мінскі гарадскі бюджэт выдаткуе 1,85 млн рублёў на нацыянальную абарону, 44,45 млн рублёў на судовую ўладу і сілавікоў.
Выдаткі на нацыянальную эканоміку запланаваныя ў памеры 935,86 млн рублёў, з якіх 733,93 млн рублёў будуць патрачаныя на транспарт, у тым ліку:
на аўтамабільны — 199,13 млн рублёў,
на гарадскі электрычны — 178,73 млн рублёў,
на метрапалітэн — 360,46 млн рублёў.
ЖКП і жыллёвае будаўніцтва будуць прафінансаваныя на 1,04 млрд рублёў, з якіх палова прызначаная на добраўпарадкаванне.
Выдаткі Мінска на ахову здароўя складуць 1,73 млрд рублёў. На фізкультуру, культуру і СМІ бюджэт сталіцы выдаткуе 183,15 млн рублёў, у тым ліку 10,2 млн рублёў — на СМІ, з якіх 4,9 млн рублёў атрымае тэлебачанне і радыёвяшчанне, а 5,3 млн рублёў — друкаваныя СМІ і выдавецтвы.
Адукацыя запатрабуе 1,4 млрд рублёў, а сацыяльная палітыка — 228,5 млн.