Пра гэта паведаміў сёння намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, перадае БЕЛТА.

«На разглядзе каля 280 адміністрацыйных спраў па парушэнні непаўналетнімі правілаў паводзін і ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах. Адпаведна, іх законныя прадстаўнікі запрашаюцца на камісіі па справах непаўналетніх і прымаюцца адпаведныя меры», — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, ёсць відэафіксацыя таго, што каля 20 бацькоў свядома прывялі на несанкцыянаваныя акцыі 25 дзяцей.

«Кожнаму факту будзе дадзеная прававая ацэнка, і ніводны так званы бацька, які падвяргае сваё дзіця небяспецы, не сыдзе ад прадугледжанай заканадаўствам адказнасці», — дадаў віцэ-прэм'ер.

Ён выказаў здзіўленне, што ў Гродне ў несанкцыянаваным мерапрыемстве ўдзельнічала цяжарная жанчына. «Дзяржава прадастаўляе дэкрэтны адпачынак, што аплачваецца, не для таго, каб будучыя мамы наведвалі падобныя мерапрыемствы, а затым, каб яны маглі клапаціцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей, займацца іх выхаваннем і развіццём», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0