Яўген Тур — псіхатэрапеўт. Сам пра сябе кажа, што былы расіянін, бо сем гадоў таму пераехаў з Расіі ў Беларусь і атрымаў тут грамадзянства. «20 гадоў я падтрымліваў рэжым Лукашэнкі, бо думаў, што ён гарант суверэнітэту. А потым я ўбачыў жахі з Акрэсціна. У гэты момант і перастаў быць лукашыстам».

«Я проста абагаўляў Лукашэнку» 

Яўген расказаў «Нашай Ніве», што нарадзіўся ва Уладзівастоку, дзе і атрымаў медыцынскую адукацыю. У 2013 годзе мужчына пераехаў у Беларусь, атрымаў беларускае грамадзянства і ажаніўся. Цяпер ён працуе доктарам-псіхатэрапеўтам у цэнтры псіхічнага здароўя. 

«Праўда ў тым, што, жывучы і працуючы каля 10 гадоў у Маскве, я часта сутыкаўся з беларусамі, — распавядае Яўген «Нашай Ніве». — І мне вельмі падабаліся людзі: вытрыманыя, цярплівыя, тактоўныя, працавітыя. Ад іх ідзе атмасфера спакою. Я б сказаў, што нейкая медытатыўнасць ёсць у беларусах. Мяне гэта прыцягвала.

І я проста захацеў пераехаць у краіну сваёй мары, якую сфармаваў для сябе па расповедах сваіх знаёмых беларусаў. Да пераезду я ў Беларусі ніколі не быў. І ні разу з часу пераезду аб сваім рашэнні не пашкадаваў.

Так, я называю сябе былым лукашыстам. Бо Лукашэнку падтрымліваў каля 20 гадоў, гэта пачалося яшчэ ў Расіі. Яго рэжым асацыяваўся ў мяне з адсутнасцю рабаўніцкай прыватызацыі, якая квітнее ў Расіі. Там яе часта называюць «прыхватызацыяй».

Адсутнасць у Беларусі такой «прыхватызацыі» стала галоўным фактарам маёй сімпатыі да Лукашэнкі. Я быў упэўнены, што ён гарант суверэнітэту і правоў чалавека. Можна сказаць, я яго проста абагаўляў.

«А цяпер я баюся за сваіх маленькіх дзяцей» 

Нават у страшным сне я не мог сабе ўявіць тыя жахі, якія адбываюцца ў краіне пасля выбараў. Працуючы доктарам, я стаў сутыкацца з чуткамі, якія цыркулявалі сярод медыкаў. Гэта былі не тэлеграм-каналы, не тэлевізар, а менавіта маё асяроддзе, якое распавядае мне пра Акрэсціна.

Разрывы ​​органаў, збіццё, гісторыі пра гвалт хлопцаў і дзяўчат міліцэйскімі дубінкамі — усё гэта распавядалі мне дактары.

Усё, што я чуў пра катаванні, я ўспрыняў як праўдзівую інфармацыю, таму што гэта абмяркоўваюць дактары. 

Як псіхатэрапеўт я пастаянна працую з душэўным болем і смуткам людзей. З тых відэаінтэрв'ю дактароў і пацярпелых, што я бачыў, я разумеў, што падрабіць такія эмоцыі немагчыма. Нават калі голас і быў зменены для іх бяспекі. Гэта ўсё стала вельмі цяжкай траўмай для мяне за апошнія гадоў восем. Я проста плакаў. У гэты момант я перастаў быць лукашыстам».

Яўген распавядае, што перад выбарамі палітыку Лукашэнкі ён успрымаў як меншае зло.

«На першае месца я ставіў суверэнітэт. І да ўсяго, што адбывалася, я ставіўся неяк абыякава. Неяк мог з гэтым жыць.

Зараз Лукашэнку варта неадкладна сыходзіць са сваёй пасады. Адзінае: апазіцыя ў дадзенай сітуацыі павінна быць мудрай. Ёсць такая кітайская стратагема: «Калі хочаш перамагчы ў баі — заўсёды пакідай суперніку шляхі адступлення».

Я б прапанаваў гарантыю імунітэту яму і сынам, калі б ён вырашыў падаць у адстаўку. Паўтаруся, я за неадкладную адстаўку Лукашэнкі, але яна павінна быць разумным чынам пабудавана. Ёсць, напрыклад, чылійскі варыянт: пасля адстаўкі Піначэт меў імунітэт і яго не пераследавалі, затое Чылі цяпер квітнее». 

Цяпер Яўген як грамадзянін і як доктар кожны тыдзень выходзіць на акцыі пратэсту. Але дадае, што выказвае менавіта сваю пазіцыю, а не пазіцыю бальніцы, дзе працуе. Распавядае, што ў бальніцы не забараняюць супрацоўнікам выходзіць на акцыі, калі пры гэтым яны не выступаюць ад імя бальніцы.

«13 верасня нам з яшчэ адной доктаркай, навукоўцам, прыйшлося хавацца ад сілавікоў у бетоннай шчыліне: толькі так удалося б пазбегнуць затрымання. Мы беглі вялікім натоўпам, як загнаныя жывёлы, праз перашкоды: хтосьці прасіўся забегчы ў пад'езды, хтосьці ў дварах хаваўся. Сярод выкінутай мэблі, напрыклад, я ўбачыў, што за камодай ужо хаваецца дзяўчына.

Як гэта можна назваць? Чалавечая годнасць знішчаецца. Сілавікі не выконваюць сваёй прысягі. А я баюся за сваіх дваіх маленькіх дзяцей, якіх стараюся выхоўваць грамадзянамі Беларусі. Яны нават ходзяць у беларускамоўны садок.

Нягледзячы на ​​тое што мне страшна, я назад ужо не павярну. Мяне прынялі ў пашыраны склад Каардынацыйнай рады. Заяўку я падаў, калі выкралі Марыю Калеснікаву. А на нядзельных мітынгах я іду з калонай дактароў і нясу нацыянальны сцяг. У мінулую нядзелю мы з маёй калегай зразумелі, што, несучы сцяг, становімся мішэнню для сілавікоў.

Але калега сказала: «Я нават гатовая памерці за сваю краіну». Мы ўзяліся за рукі і ўсё роўна пайшлі наперад».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?