У Столінскім раёне памежнікі для затрымання двух парушальнікаў прымянілі табельную зброю, паведамляе Памежны камітэт.
Інцыдэнт адбыўся 2 чэрвеня непадалёк ад вёскі Капані. У кіламетры ад дзяржаўнай мяжы пагранічны нарад ад манеўранай групы атрада заўважыў аўтамабіль «Фальксваген». З яго выйшлі двое мужчын, якія надзелі балаклавы і накіраваліся ў бок Украіны.
Пагранічны нарад паспрабаваў спыніць невядомых камандай. Пачуўшы яе, мужчыны бегам кінуліся да мяжы. Падчас пераследу старшы нараду зрабіў некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, пасля гэтага парушальнікаў затрымалі.
Імі аказаліся жыхары Століна і пасёлка Рэчыца. Па факце распачаты адміністрацыйны працэс. Парушальнікам пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1350 рублёў) або адміністрацыйны арышт.