Публіцыст Стась Карпаў выказаўся (не вельмі цэнзурна) з нагоды галасавання за «Кнігу года-2016». Чытачы назвалі пераможцам Андруся Горвата, а журы — Насту Кудасаву.

Стась Карпаў.

Стась Карпаў.

Калі б да Насты Кудасавай я ставіўся менш цёпла — я бы пра галасаванне за «кнігу года» напісаў бы такое, што у вас бы вочы выцеклі. А так я напішу у ашчадным рэжыме. Такім чынам.

Кнігай года стаў паэтычны зборнік Насты Кудасавай, Арлоў і Бахарэвіч падзялілі другое і трэцяе месца. Дарагі Андрусік Іванавіч з «радзівам» — пятае. І, хаця народ, канечне, выбраў прудкоўскага хіпсцера, але журы мусіла паказаць, што кніга года ў нашай краіне — гэта не падзея года, гэта не тое, што чытаюць людзі, гэта не тое, што яны рассылаюць сваякам па ўсім свеце, гэта не тое, пра што размаўляюць у кавярнях хлопчыкі і дзевачкі, якім наогул на беларускую літаратуру [абыякава — тут i далей тлумачэнне рэдакцыі НН]. Кніга года — не падзея ў літаратуры. Кніга года — гэта прыкмета любові сярод сваіх. 

Мы — літаратура. Мы ведаем, хто літаратура і для каго.

Што я хачу сказаць. Па-першае, пры ўсёй павазе да Насты, паэзія амаль ніколі не кніга года, бо яе у цэлым ніхто не чытае. Ну вось так яно ёсць. Сумна, але факт. І наогул, я ў адрозненні ад журы умею раздзяляць розныя штукі. Разумееце, падзея года для мяне — гэта, [халера] дзень нараджэння, да? Новы год яшчэ, да? Але калі б мяне папрасілі вызначыць падзею года наогул — я б, так і быць, сказаў бы што адкрыццё гравітацыйных хваляў ці там вакумны рухавік — важней.

Я умею раздзяляць сваю прыхільнасць і агульную значнасць. Але я не суддзя. Мне можна.

Дарэчы — пра журы. Вось ёсць там Таня Светашова, на чыёй прэзентацыі я раз у жыцці мог расслабіцца і гаварыць кампліменты яе зборніку — ад душы. Але ў цэлым такіх «Тань» у журы малавата. За тое [вельмі многа] Найдзёнавых. Мікіта Найдзёнаў… Ну, хто яго мог паклікаць у журы? Гэта… Калі не чыталі — гэта ў 5 разоў горай чым [вельмі-вельмі дрэнна] і ў 100 горай за нічога. З яго ўсе ржуць як коні, але пастаянна цягнуць у журы. Мікіта не можа [стварыць] ніводнага добрага верша. Таму Мікіта — суддзя.

Крыху пра аб'ектыўнасць.

Сяргея Шупа — светач наша літаратурная, з Прагі разбіраецца не толькі ў нашай палітыцы, але і ў літаратуры чотка сячэ. Ён, напрыклад пісаў на фэйсбучыках, што Горвата чытаць прынцыпова не збіраецца таму, што той тусуецца з [дрэнным чалавекам]-Карпавым. Я дарагога Шупу таксама лічу [дрэнным чалавекам], але калі б я вымушаны быў ацэньваць яго творчую спадчыну — я бы яе, [халера], прачытаў бы. Праўда. Патраціў бы пару гадзін жыцця на Шупу. Шупа, напрыклад, лічыць падзеяй года кнігу Змітра Бартосіка «Быў у пана верабейка». А «радзіва» — не лічыць. Дзеці, што трэба сказаць Сяргею? «Будзеце праязджаць міма Беларусі — праязджайце».

Бахарэвіч галасуе за сваю жонку. Жонка Бахарэвіча галасуе за Бахарэвіча. Журы як бы удзельнічае ў конкурсе. Журы гэта не бянтэжыць. Кароча, нейкі сельскі балаган з элементамі вар'етэ і дэтэктыва…

Арлоў, якога паставілі на 2-е месца… Вы хоць ведаеце, што гэта дапоўненае карцінкамі амаль 100% перавыданне папярэдняй кнігі? Вы, [халера], яе адкрывалі хоць, галасавацелі?

Наогул, думаю я, вынік галасавання за кнігу года — гэта вынік тэста на ўменне зайздросціць моўчкі.

Гляджу на імёны тых, хто галасаваў за «радзіва» і разумею, што дзякуй богу, ёсць людзі, якія ўспрымаюць чужы талент не як пагрозу сабе а як самастойную каштоўнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0