У рэдакцыю «НН» прыйшоў ліст ад чытача, у якім распавядаецца пра будаўніцтва парафіяльнага дома на Вайсковых могілках «у сувязі з рэарганізацыяй». У буклетах адзначана, што ўсе агароджы, крыжы і пастаменты, якія не ўяўляюць гістарычную і эстэтычную каштоўнасць, будуць прыбраныя.

На месцы могілак плануецца «аздаравіць расліннасць», «павялічыць тэрыторыю бруку», а вакол храма пабудаваць парафіяльны дом. На саміх могілках адміністрацыя павесіла шыльды з папярэджаннем. Маўляў, калі за наступныя два гады магілы не будуць упарадкаваныя, надмагільныя збудаванні могуць быць дэмантаваныя і ўтылізаваныя.

Так выглядае храм цяпер.

Так выглядае храм цяпер.

Сяргей Тур, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы «Спецкамбіната КБА», запэўнівае, што ніводная магіла не будзе пашкоджаная ці знесеная.

На агароджы і крыжах вісяць паперы з папярэджваючай інфармацыяй.

На агароджы і крыжах вісяць паперы з папярэджваючай інфармацыяй.

«Усяго было знойдзена больш за 2300 закінутых пахаванняў. Сёння на Вайсковых могілках пахавана больш за 7000 чалавек. У жніўні 2017 года мы будзем добраўпарадкоўваць закінутыя могілкі, калі не знойдзем сваякоў. Але ніводнае пахаванне не будзе знесенае, будзе проста добраўпарадкаванне могілак. У выпадку, калі памятнік, крыж ці іншыя надмагільныя збудаванні нельга будзе аднавіць, на яго месцы будзе пастаўлены адзін з варыянтаў ідэнтыфікацыйных знакаў. Гэта будзе ці крыж, ці тумба, ці пастамент, пакуль гэта знаходзіцца на зацвярджэнні ў Мінгарвыканкаме».

Прадстаўнік «Спецкамбіната КБА» адзначыў, што будаўніцтвам парафіяльнага дома і добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаецца непасрэдна храм, але без дазволу Мінгарвыканкама і Міністэрства культуры яны нічога не змогуць будаваць.

Справа павінен стаяць парафіяльны дом, хоць магілы размешчаныя ўпрытык да храму.

Справа павінен стаяць парафіяльны дом, хоць магілы размешчаныя ўпрытык да храму.

У Аляксандра-Неўскага храма сваё бачанне сітуацыі. Там сцвярджаюць, што быў распланаваны праект, паводле якога над могілкамі будуць стаяць аркі, а храм такім чынам зможа зрабіць на другім паверсе пакоі, дзе святары змогуць пераапрануцца і адпачыць.

«Паглядзіце, колькі тут неўпарадкаваных магілаў каля храма! Мы ж прапанавалі зрабіць проста мемарыяльныя пліты, а побач пракласці дарогу, каб людзям было дзе развярнуцца. Гэта такія знакавыя могілкі, а людзі не могуць, прабачце, у туалет схадзіць, бо яго няма, не могуць заехаць машыны, калі прывозяць целы для адпявання, і бацюшкам няма дзе пераапрануцца», — кажа Мікалай Лук'янчык, галоўны архітэктар па рэстаўрацыі і добраўпарадкаванні часткі могілак у ахоўнай зоне храму. Па яго словах, Мінгарвыканкам падтрымаў ідэю з аркамі над могілкамі, але не змог ухваліць, спасылаючыся на заканадаўства. «А мы не збіраліся пераносіць ці зруйнаваць могілкі, мы хочам іх добраўпарадкаваць і даць людзям больш прасторы», — дадае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?