Сёння ў Мінску адбылася сустрэча прадстаўнікоў міністэрстваў абароны Беларусі і ЗША. 

Намеснік памочніка міністра абароны ЗША доктар Майкл Карпентэр і міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў абмеркавалі пытанні міжнароднай бяспекі ў вайсковай сферы. 

Майкл Карпентэр, фота амбасады ЗША

Майкл Карпентэр, фота амбасады ЗША

Адказваючы на пытанні журналістаў пасля сустрэчы, Карпентэр адзначыў, што ЗША высока ацэньваюць нейтральную пазіцыю Беларусі ў расійска-украінскім канфлікце. «З кім, як не з вамі, абмяркоўваць пытанне стабільнасці ва Усходняй Еўропе?» — дадаў ён. 

Паводле яго слоў, у Штатах ўхваляюць вызваленне палітвязняў і правядзенне негвалтоўных выбараў, але чакаюць ад Лукашэнкі і далейшых крокаў у дэмакратызацыі жыцця краіны. 

На пытанне адносна магчымага размяшчэння ў Беларусі расейскай вайсковай базы Карпентэр адказаў, што размяшчаць яе ці не — справа Беларусі, але калі яно ўсё ж адбудзецца, ЗША разам з саюзнікамі па НАТА будзе разглядаць гэта як «дэстабілізацыйны і не неабходны крок».

Таксама Карпентэр сказаў, што не заўважыў развароту Беларусі да Захаду ў замежнай палітыцы, як некаторыя кажуць.

Маўляў, радыкальных змен у адносінах Беларусі і Расіі няма, але гэта нармальна, калі краіна намагаецца падтрымліваць добрыя адносіны з усімі суседзямі. 

На пытанне пра тое, у чым ён бачыць асноўную пагрозу бяспецы Беларусі ў дадзены момант, Карпентэр адказаў: «Адзінае, што я магу сказаць дакладна, — гэта тое, што Беларусі не пагражае Захад і НАТА».

Ён падкрэсліў, што ўсе цяперашнія дзеянні НАТА з'яўляюцца адказам на расейскую агрэсію ў рэгіёне, з гэтай жа прычыны павялічылася актыўнасць альянса ў краінах Балтыі.

На заўтра запланаваная сустрэча Майкла Карпентэра з Аляксандрам Лукашэнкам. Мяркуецца, што сярод іншых будуць абмяркоўвацца пытанні абмену вайсковымі аташэ, а таксама вяртання ў Беларусь амерыканскага амбасадара. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?