Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы па факце забойства егера, якое адбылося летам у аграгарадку Цвеціна Міёрскага раёна — 57-гадовага мужчыну застрэлілі проста ў двары ўласнага дома, злачынец схаваўся.

Раніцай наступнага дня ў кінутым доме, размешчаным у тым жа населеным пункце, міліцыя затрымала 45-гадовага мясцовага жыхара. Была заведзеная крымінальная справа.

— Вызначана, што менш чым за суткі да здзяйснення забойства абвінавачваны са сваёй жонкай загадзя дамовіліся з вартаўніком сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Цітава» аб здзяйсненні крадзяжу буйной рагатай жывёлы з тэрыторыі цялятніка. Муж з жонкай, працуючы жывёлаводамі на прадпрыемстве, добра арыентаваліся ў пытаннях вядзення штодзённага ўліку пагалоўя. Яны прыехалі на тэрыторыю прадпрыемства позна вечарам і пакінулі ў цялятніку загадзя прывезенага з сабой маладога быка коштам менш за мільён беларускіх рублёў, падмяніўшы ім буйнога быка коштам больш за пяць мільёнаў рублёў, — распавялі ў УСК па Віцебскай вобласці.

Выпадковым сведкам вывазу буйной рагатай жывёлы з тэрыторыі прадпрыемства стаў егер Дзісенскага лясгаса. Мужчына па тэлефоне паведаміў пра злачынства свайму знаёмаму, папрасіўшы таго патэлефанаваць у міліцыю. Пасля паведамлення аб злачынстве па месцы жыхарства падазраваных быў праведзены ператрус і знойдзены бык з інвентарным нумарам сельскагаспадарчага прадпрыемства.

— Жадаючы адпомсціць за паведамленне ў праваахоўныя органы аб крадзяжы, падазраваны ў забойстве, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, накіраваўся да дома егера, дзе прыцэльным стрэлам з незарэгістраванай паляўнічай стрэльбы ў прысутнасці жонкі і сына здзейсніў забойства мужчыны, а таксама пагражаў забойствам членам сям'і загінулага.

Мужчыну абвінавачваюць у прысваенні маёмасці, здзейсненым групай асоб па папярэдняй змове, пагрозе забойствам, незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, асобы ў сувязі з выкананнем грамадскага абавязку. Яго жонка можа быць таксама прызнана вінаватай у прысваенні маёмасці.

Крымінальная справа хутка сыдзе ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?