У жніўні 1920 года ў Маскве была падпісана мірная дамова паміж РСФСР і Латвіяй, паводле якой Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі паветы Віцебскай губерні перадаваліся Латвіі. Мінула амаль стагоддзе з таго часу, а на тых тэрыторыях людзі яшчэ размаўляюць па-беларуску. Пра феномен беларускіх гаворак у Латгаліі расказвае польскі лінгвіст Міраслаў Янковяк.

Міраслаў Янковяк падчас адной з экспедыцый па беларускім памежжы.

Міраслаў Янковяк падчас адной з экспедыцый па беларускім памежжы.

«Наша Ніва»: Міраслаў, сёлета пабачыла свет другое выданне вашай манаграфіі «Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі». Чаму толькі Краслаўскі раён? Далей у глыб Латгаліі беларуская мова не захавалася?

Міраслаў Янковяк: Па-першае, гэта мая кандыдацкая праца, і трэба было абмежаваць матэрыял найлепш геаграфічна. А па-другое, акурат там да сёння пражывае найбольш беларусаў — у некалькіх воласцях яны складаюць нават да 50% насельніцтва. Там беларусы пражываюць кампактна, найлепш захаваліся беларускія гаворкі, бачым найменшы уплываў расійскай і польскай моў. Але, зразумела, не толькі ў Краслаўскім раёне захаваліся беларускія гаворкі. Сёлета мне ўдалося нарэшце аб’ездзіць усю тэрыторыю, якую даследаваў у 1903 годзе Яўхім Карскі — ад Ілуксты на захадзе да Зілупэ на поўначным усходзе. На поўначы можна казаць пра расійскую мову з элементамі беларускіх гаворак.

«НН»: У якім выглядзе беларуская мова існуе ў Латгаліі? Людзі гавораць паміж сабой на ёй, у сем’ях?

МЯ: Беларушчына функцыянуе ў двух варыянтах. Беларускія гаворкі захоўваюцца ў вёсках паўднёва-ўсходняй Латвіі, перад усім на мяжы з Беларуссю. Гэта мова сям’і, і з суседзямі на ёй гавораць. Бабуля размаўляе з дзецьмі і ўнукамі па-беларуску, а яны з ёй ужо па-расійску. І другі варыянт — беларуская мова, набліжаная да літаратурнай, якой карыстаецца невялікі адсотак беларусаў, што пражываюць у гарадах.

«НН»: Хто носьбіты беларускай мовы  старыя людзі выключна? Ці перадаюць мову дзецям?

МЯ: Беларускімі гаворкамі карыстаецца самае старэйшае пакаленне вяскоўцаў, але, трэба сказаць, рускамоўнае сярэдняе пакаленне як захоча, можа таксама свабодна размаўляць па-беларуску. Найгорш з моладдзю, якая хоча размаўляць выключна на расійскай (як больш прэстыжнай) або латышскай. Хоць мне здарылася правесці інтэрв’ю з хлопцам з вёскі Прыдруйск (Піедруя), які цудоўна карыстаўся беларускай гаворкай, а навучыўся ёй ад сваёй бабулі.

Той самы беларускамоўны хлопец з Прыдруйска.

Той самы беларускамоўны хлопец з Прыдруйска.

«НН»: Кім яны сябе вызнаюць па нацыянальнасці?

МЯ: Гэта адно з найбольш складаных пытанняў, з якім мне прыйшлося сутыкнуцца ў Латгаліі. Палова беларускамоўных вяскоўцаў старэйшага веку, з якімі размаўляў, лічыць сябе палякамі (каталікамі). У маладых ужо назіраецца моцная прывязанасць да латвійскай дзяржаўнасці.

Краслаўскі раён з’яўляецца своеасаблівай мазаікай — культурнай, рэлігійнай, моўнай, што адлюстроўваецца і ў тоеснасці жыхароў. Там немагчыма проста «пакласці» чалавека ў шуфляду з назвай «беларус» ці «паляк», як можам гэта зрабіць, напрыклад, на Смаленшчыне.

На маё пытанне пра тоеснасць часта мне адказвалі: «Тут жывуць беларусы, тут раньшэ была беларуская [Віцебская] губерня». Але і не раз я чуў адказ: «Тут жывуць змешаныя людзі». Інакш справа выглядае ў гарадах, дзе ёсць свядомыя беларусы, якія пасылаюць сваіх дзяцей у беларускую школу ў Рызе.

«НН»: Якія мясцовасці, вёскі сёння самыя беларускамоўныя?

МЯ: Гэта найперш паўднёва-ўсходняя Латвія, на мяжы з Беларуссю, дзе жыве найбольш беларусаў, як аўтахтонаў, тах і тых, якія пераехалі з паўночнай Беларусі пасля 1945 года. Напрыклад, вёскі Каплаўскай, Прыдруйскай ці Індрыцкай воласцяў Краслаўскага раёна. Але і там канкурэнцыя з боку расійскай і польскай моў моцная. Найменш беларускамоўных сустракаем на поўначы, бліжэй да Зілупэ, дзе трэба ўжо доўга шукаць хоць аднаго старэйшага чалавека, які яшчэ карыстаецца беларускай гаворкай.

У гэтай хаце ў Прыдруйску ў 1922—1936 гадах месцілася беларуская пачатковая школа.

У гэтай хаце ў Прыдруйску ў 1922—1936 гадах месцілася беларуская пачатковая школа.

«НН»: Вы знаёмыя з вынікам перапісу насельніцтва Латвіі? Што тычыцца Латгаліі, як суадносяцца лічбы колькасці беларусаў (хто называе сябе так) і колькасці тых, хто размаўляе па-беларуску?

МЯ: У Латгаліі пражывае амаль 15 тысяч беларусаў, аднак большасць з іх не толькі на працы, але і з сям’ёй і суседзямі размаўляе на расійскай мове. Гэта адносіцца і да палякаў ці ўкраінцаў. У міжваенны перыяд ў Латвіі было каля 40 беларускіх школ (перадусім у Латгаліі), цяпер ёсць адна ў Рызе. Цяжка спадзявацца тады, што яны будуць гаварыць па-беларуску, калі больш за 70 гадоў беларуская адукацыя ў Латвіі практычна не існавала. Бацькі пасылалі і ўвесь час пасылаюць сваіх дзяцей у рускія школы, радзей у латышскія.

Беларусы, якія жывуць у вёсцы Стрэмкі Краслаўскага раёна.

Беларусы, якія жывуць у вёсцы Стрэмкі Краслаўскага раёна.

«НН»: Латгалія лічыцца самай русіфікаванай часткай Латвіі. Якая сітуацыя з валоданнем латышскай і расійскай мовамі сярод умоўна беларускамоўнага насельніцтва?

МЯ: У паўднёва-ўсходняй частцы Латгаліі самая вялікая колькасць неграмадзян Латвіі, і тут, на жаль, вялікую групу складаюць і беларусы (прыезджыя пасля 1945 года). Да 1990-х не трэба было вучыць латышскую мову, і сёння з валоданнем гэтай мовай не вельмі добра. Моладзь, якая мела ў школах у апошніх гадах латышскую, не мае больш вялікіх праблем. Сярэдняе пакаленне часта кепска размаўляе па-латышску, а старэйшае пакаленне (беларускамоўнае) звычайна ўвогуле не ведае яе. Аднак у маладзейшых асоб мовай штодзённых кантактаў з’яўляецца расейская, а латышскую выкарыстоўваюць толькі ў афіцыйных стасунках. Інакш сітуацыя выглядае з беларускамоўнымі асобамі ў гарадах: яны свядома падтрымліваюць не толькі сваю родную мову, але і звычайна свабодна валодаюць латышскай. Можна сказаць, што свядомыя, беларускамоўныя гарадскія беларусы больш атаясамліваюцца з латвійскай дзяржаўнасцю, чым з расійскамоўным асяроддзем. Рускамоўныя часта не маюць латвійскага грамадзянства, таму і шматлікія прафесіі (дзяржаўныя пасады) для іх проста не даступныя. Сярод іх і самы вялікі адсотак беспрацоўных.

«НН»: Якая перспектыва з захаваннем там беларускай мовы?

МЯ: Наконт беларускіх гаворак, думаю, яны будуць сістэматчна русіфікавацца, а іх прастора зменшыцца разам са смерцю найстарэйшага пакалення. Перад беларускай літаратурнай мовай ёсць, аднак, перспектывы. На гэты момант палітычныя і юрыдычныя ўмовы даюць беларусам вялікія магчымасці ствараць у Латвіі цэнтры беларускай культуры, таварыствы ці школы з беларускай мовай. Усё астатняе залежыць ад саміх людзей, ці яны захочуць падтрымліваць сваю мову, культуру і тоеснасць. І яшчэ ад таго, ці будзе беларуская дзяржава зацікаўлена ў падтрымцы беларускай дыяспары.

З памылкамі, але па-беларуску. Магіла ў вёсцы Вайвады.

З памылкамі, але па-беларуску. Магіла ў вёсцы Вайвады.

«НН»: Ваша зацікаўленне беларускімі гаворкамі не абмяжоўваецца толькі сучасным беларуска-латвійскім памежжам: вы вывучаеце ў цэлым памежжа беларускай мовы. Як Яўхім Карскі сто гадоў таму. Якія рэгіёны яшчэ даследавалі? Карта беларускіх гаворак 1903 года, складзеная Карскім, сёння яшчэ актуальная?

МЯ: Я вырашыў заняцца беларускімі гаворкамі ў іншых краінах, перадусім беларуска-расійскім і беларуска-балцкім памежжы. Я прааналізаваў стан захавання сучаснай беларушчыны ў заходняй Смаленшчыне, у 2014 годзе правёў даследаванні ў паўднёвай Пскоўшчыне, быў на Падляшшы тры гады таму і сёлета там працую, а цяпер рыхтую манаграфію пра беларускія гаворкі Літвы. Але найбольш комплексна і шырока займаўся беларускімі гаворкамі ў Латвіі.

Прайшло больш за 100 гадоў і шмат змянілася з таго часу. Мяжа беларускага этнасу, якую вызначыў Я. Карскі, змяншаецца з кожным годам, асабліва там, дзе няма падтрымкі з боку дзяржавы, няма юрыдычных і палітычных умоваў для функцыянавання беларускай культуры ці адукацыі. Беларускія гаворкі найлепш захаваліся ў Літве і ў Польшчы, горш гэта выглядае ў Расіі, дзе, напрыклад, у паўднёвай Пскоўшчыне не было і няма беларускіх школ. Там і працэс русіфікацыі найбольш моцны не толькі ў структуры гаворак, але і тоеснасці саміх людзей — напрыклад у 1860-х у Невельскім павеце беларусы складалі 61%, а цяпер толькі 2,3%. Яны не лічаць ужо сябе беларусамі. Мае даследаванні 2014 года паказалі, што беларускія моўныя рысы пераважаюць ужо толькі на поўдзень ад Себежа і Невеля, значыць беларуская тэрыторыя зменшылася на пару дзясяткаў кіламетраў у параўнанні з тым, што вызначыў Яўхім Карскі ў 1903 г. ці Пятро Бузук у 1926 г. Але захаваліся яшчэ розныя беларускія моўныя рысы, якіх сённяшняя мяжа нярэдка нагадвае даўнюю мяжу Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Віцебскай губерні. Можна сказаць, што даўнія адміністрацыйныя межы адлюстроўваюцца да сёння ў гаворках.

«НН»: Карскі лічыў, што за стагоддзе беларуская гаворка знікне. А яна захоўваецца. У чым феномен?

МЯ: Такое меркаванне маюць і сёння дыялектолагі — што разам са старэйшым пакаленнем знікнуць і беларускія гаворкі. Я думаю, што працэс русіфікацыі будзе працягвацца, але беларускія гаворкі будуць фунцыянаваць яшчэ нейкі час, можа, іх структура будзе іншая, больш расійскіх элементаў, але ўсё ж захаваюцца ў нейкім выглядзе. У міжчалавечай камунікацыі перашкаджае не вымаўленне, а перадусім лексіка. Феномен беларускіх гаворак у пэўнай ступені заключаецца ў тым, што яны з’яўляюцца вельмі добрым сродкам камунікацыі з палякамі ці рускімі. У залежнасці ад суразмоўцы вясковая бабуля будзе насычаць сваю мову больш расійскімі ці польскімі словамі, а беларускае «г» ці «у кароткае» застанецца і будзем гэта чуць яшчэ доўга. Так што не ўсё яшчэ страчана.

Міраслаў Янковяк (нар. у 1979 г.) — польскі лінгвіст. Выпускнік беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Навуковыя інтарэсы: беларуская дыялекталогія, мова беларусаў памежжа. Аўтар кніг «Gwary białoruskie na Łotwie w rejonie krasławskim. Studium socjolingwistyczne» (2009, па-беларуску кніга выходзіла ў 2012 і 2015), «Dialektologia białoruska» (2012, разам з Нінай Баршчэўскай).

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?