Сёння спаўняецца 60 гадоў беларускаму гісторыку Алегу Трусаву.

Алег Трусаў, фота Сяргея Гудзіліна

Алег Трусаў, фота Сяргея Гудзіліна

Яго віншуюць сацыял-дэмакраты.

Дарагі Алег Анатольевіч,

мы, сацыял-дэмакраты горада Мінска, шчыра вітаем Вас у дзень Вашага 60-годдзя.

Мы добра памятаем, што Вы былі ў ліку тых людзей, якія ў канцы 1990 года вырашылі аднавіць сацыял-дэмакратычны рух у Беларусі, нанова стварыць Грамаду. З таго часу вы застаецеся ў шэрагах тых, хто хоча бачыць Беларусь незалежнай дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавай – членам сям’і еўрапейскіх краін. На Устаноўчым з’ездзе партыі (2–3 сакавіка 1991 года) Вас абралі намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, а ў 1992–1995 гг. Вы ўзначальвалі нашу партыю. Шмат гадоў Вы дастойна прадстаўляеце Мінскую гарадскую партыйную арганізацыю ў Цэнтральным Камітэце Грамады.

Мы добра памятаем, што Вы, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, былі сярод тых, хто закладваў падмуркі незалежнага быту Беларусі, узаконьваў у якасці дзяржаўнай нашу нацыянальную сімволіку, змагаўся за дзяржаўны статус беларускай мовы, за стварэнне ў Беларусі свайго войска, сваёй фінансавай і банкаўскай сістэмы ды іншых атрыбутаў дзяржаўнай самастойнасці.

Сваю палітычную і дзяржаўніцкую дзейнасць Вы плённа спалучаеце з навуковай і культурна-асветніцкай працай. Гісторык, археолаг, кандыдат гістарычных навук, Вы з’яўляецеся аўтарам больш як 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый. Самастойна або ў суаўтарстве з калегамі Вы напісалі больш за 10 кніг з гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і этнаграфіі.

Сваімі ведамі Вы, дацэнт Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, шчодра дзеліцеся са студэнтамі, са слухачамі ў іншых аўдыторыях.

Працуючы амаль дваццаць гадоў ва ўніверсітэце, Вы вось ужо 15 год узначальваеце Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны – аўтарытэтнае аб’яднанне, якое абараняе правы беларускай мовы, вядзе асветніцкую і выдавецкую працу і карыстаецца шырокай падтрымкай грамадзян.

У дзень Вашага 60-годдзя мы, Вашы таварышы і аднадумцы, зычым Вам, дарагі Алег Анатольевіч, добрага здароўя, працоўнага настрою, здзяйснення Вашых задум. Няхай жыццё прыносіць Вам новыя радасці, новыя адкрыцці, а з-пад Вашага пяра няхай выходзяць новыя артыкулы і кнігі.

 Мінскі гарадскі камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0