«Мяне ўразіла, колькі ў Беларусі з'явілася непалітычных, культурных, моўных грамадскіх ініцыятыў за тыя тры гады, якія я правёў у калоніі. Гэта даказвае, што грамадзянская супольнасць у нас развіваецца», — сказаў на сустрэчы ў Варшаве Алесь Бяляцкі. Візіт у сталіцу Польшчы завяршае турнэ беларускага праваабаронцы па еўрапейскіх краінах.

Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» прыбыў у Варшаву 9 ліпеня на запрашэнне Хельсінкскага фонду па правах чалавека і Фонду імя Сцяпана Батуры. 

Сітуацыя ўнутры Беларусі, а таксама ўкраінскі крызіс — гэта пытанні, пра якія гаварылася ў часе сустрэчы Алеся Бяляцкага з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і журналістамі ў чацвер. Сустрэчу вяла польская журналістка Марыя Пшэломец, аўтарка аналітычнай праграмы «Studio Wschód» на Польскім грамадскім тэлебачанні.

«Ніхто не хоча вайны ў Беларусі, і я не хачу, — сказаў Бяляцкі. — Можна паглядзець на сітуацыю ў арабскіх краінах. Перамены неабходныя і складана прадбачыць, як далёка зойдзе сітуацыя ва Украіне. Калі сітуацыя будзе лепшаць, то гэта будзе добрым прыкладам і сігналам для беларускага грамадства. Важна тое, што адбудзецца ва Украіне ў наступныя 5—7 гадоў», - лічыць Алесь Бяляцкі. Гаворачы аб прычынах поўнай эканамічнай залежнасці Беларусі ад танных расейскіх энергарэсурсаў, Бяляцкі адзначыў, што ў будучыні як на Захадзе, так у Беларусі «пройдзе пераацэнка значэнні Расеі».

Што датычыць вынікаў свайго турнэ па еўрапейскіх сталіцах, праваабаронца падкрэсліў: «Кім мы будзем — шэрай зонай у выглядзе Абхазіі ці Прыднястроўя ці нармальнай еўрапейскай краінай? Важна, каб ЕС не губляў Беларусь з поля зроку. Важна, каб Беларусь не была ізаляваная. Для нас асабліва важна супрацоўніцтва з Польшчай і Літвой, бо мы знаходзімся ў адным рэгіёне. Мая паездка ў Еўропу звязана з тым, каб вырашыць пытанне палітвязняў у Беларусі», — падкрэсліў Бяляцкі.

Акрамя таго ён дадаў, што важнае значэнне мае развіццё інтэрнэту, бо гэта дае доступ да інфармацыі.

Ён падкрэсліў, што грамадзянская супольнасць у Беларусі развіваецца: «Гэта я мяркую па сваім вопыце. Дваццаць гадоў таму я ведаў асабіста ўсіх прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, затым толькі палову, а цяпер я ведаю толькі 5%. 

На пытанне аб тым, чаму Лукашэнка (у чацвер споўнілася 20 гадоў яго кіравання) загаварыў па-беларуску, Бяляцкі адказаў: «Пабачым, ці гэта будзе тэндэнцыя або часовая з'ява. Для ўладаў мова — гэта не стратэгічная, а тактычная праблема. Грамадства павінна дамагацца правоў, гарантаваных канстытуцыяй, г.зн. большай прысутнасці беларускай мовы».

Атмасферу разрадзілі пытанні пра адпачынак і аповед аб сустрэчы ў калоніі з Апостальскім Нунцыем. Гэта была адзіная, акрамя як з жонкай, сустрэча Алеся Бяляцкага за ўвесь тэрмін у калоніі. А гаварылі яны, у прысутнасці прадстаўніка пенітэнцыярнай сістэмы, аб … беларускай і італьянскай літаратурах.

У другой палове дня адбылася сустрэча з кіраўніком Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Яцкам Міхалоўскім. Праваабаронцу суправаджаў калега-вясновец Валянцін Стэфановіч.

«У самым пачатку размовы ад імя прэзідэнта былі вымаўленыя словы прабачэння з нагоды таго, што адным з падставаў прысуду Бяляцкага сталі дзеянні польскага боку. Мы гутарылі пра агульную сітуацыю ў Беларусі, ва Украіне, аб тым, як СМІ Расіі ўплываюць на грамадскую свядомасць беларусаў. Мы таксама гаварылі аб супрацоўніцтве польскіх НДА з беларускімі арганізацыямі», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Значэнне інфармацыйнай прасторы ў Беларусі абмяркоўвалася таксама на сустрэчы ў Сойме Польшчы з дэпутатамі парламенцкай камісіі па замежных справах.

Алесь Бяляцкі паўтарыў польскім парламентарыям раней сказанае ў Канцылярыі прэзідэнта Польшчы, што для беларусаў важная інфармацыя, якая паступае таксама з польскіх СМІ, якія надаюць на беларускай — тэлебачанне «Белсат», Еўрарадыё і радыё «Рацыя».

Пасля сустрэчы ў дэпутатамі Алесь Бяляцкі і польскі дэпутат Роберт Тышкевіч выступілі на брыфінгу для польскіх журналістаў, якія працуюць у Парламенце.

У чацвер раніцай у ходзе інтэрв'ю ў жывым эфіры для прыватнага тэлеканала Polsat News Алесь Бяляцкі падзяліўся сваімі ўражаннямі з нагоды таго, як ён сябе адчувае ў Польшчы. Бяляцкі адзначыў, што Польшчы — гэта ўзор краіны, якая перажыла перамены да лепшага за апошнія 25 гадоў і стала раем для грамадства, якое хоча развівацца ».

Візіт Алеся Бяляцкага ў Польшчу завершыцца ў суботу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?