Нядаўна высветлілася, што нечаканы абарот набыла спрэчка сталічнага дэвелапера Аркадзя Ізраілевіча і Мінгарвыканкама. Эканамічны суд Мінска адмовіў мэрыі ў задавальненні іску аб скасаванні інвестыцыйнай дамовы з кампаніяй «Саўт Вестэрн». Але сталічныя чыноўнікі не спяшаюцца выконваць рашэнне суда, а шукаюць іншыя падставы для адмовы ў будаўніцтве бізнес-цэнтра ў цэнтры Мінска.

Кампанія «Саўт Вестэрн» мела намер пабудаваць 12-павярховы бізнес-цэнтр з прыбудаваным будынкам банка і адкрытай аўтастаянкай па вул. Заслаўскай паміж дамамі №17 і 11. У лютым 2013 года была заключана інвестыцыйная дамова паміж кампаніяй і Мінгарвыканкамам. Але праз 3,5 месяцы гарадскія ўлады вырашылі адмовіцца ад свайго подпісу. З чэрвеня мінулага года камітэтам эканомікі Мінгарвыканкама была распачатая «перапіска, накіраваная на збор доказнай базы і ўдакладненне падстаў для скасавання інвестыцыйнай дамовы». У пачатку гэтага года мэрыя звярнулася ў суд.

Яшчэ 19 сакавіка эканамічны суд Мінска адмовіў Мінгарвыканкаму у задавальненні іскавых патрабаванняў у поўным аб'ёме. Суд абгрунтаваў сваё рашэнне вельмі проста: пасля заключэння пагаднення «не адбылося істотнае змяненне абставінаў, якія з'яўляюцца падставай да скасавання дамовы». Так, напрыклад, пра адсутнасць горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання тэрыторыі (ПДП) і адмоўныя вынікі грамадскіх абмеркаванняў было вядома да падпісання інвестдамовы. Акрамя таго, падпісаўшы пагадненне, Мінгарвыканкам «пагадзіўся з тым, што фінансавай плацежаздольнасці, арганізацыйнага-кадравага патэнцыялу, вопыту работы адказчыка і яго заснавальніка дастаткова для рэалізацыі інвестпраекта».

Апеляцыйная скарга Мінгарвыканкама разглядалася ўжо вышэйстаячай калегіяльнай інстанцыяй эканамічнага суда, якая пагадзілася з довадамі суда першай інстанцыі і пакінула рашэнне ў сіле. Больш за тое, у судзе было паказана на дапушчаныя чыноўнікамі парушэнні інвестыцыйнага заканадаўства. Такім чынам каля месяца таму рашэнне ўступіла ў законную сілу.

Здавалася б, суд паставіў кропку ў спрэчцы Мінгарвыканкама і «Саўт Вестэрна» і рэалізацыя інвестпраекта павінна была працягнуцца. Таму інвестар прапанаваў уладам заключыць дадатковае пагадненне аб падаўжэнні тэрміну рэалізацыі праекта ў рамках інвестдамовы на тэрмін распрацоўкі і зацвярджэння праекта дэталёвай планіроўкі тэрыторыі. Аднак нядаўняя камісія па інвестыцыйнай дзейнасці ў Мінгарвыканкаме вырашыла, што «заключэнне дадатковага пагаднення немэтазгодна». Чаму? Ды ўсё па тых жа пунктах, якія эканамічны суд прызнаў неабгрунтаванымі для скасавання інвестдамовы.

«Камітэт эканомікі, аказваецца, у нас новая галіна ўлады, якой дазволена не выконваць рашэнні суда», — не без іроніі кажа мінскі дэвелапер Аркадзь Ізраілевіч (прадстаўнік зарэгістраванай у Лондане кампаніі South Western Investments). Ён падкрэслівае, што «судом пацверджаны ўсе тыя довады, якія мы спрабавалі данесці да Мінгарвыканкама ў перапісцы на працягу амаль года, падстаў для скасавання няма». «Адсутнасць ПДП прызнана судом падставай для змены тэрміну рэалізацыі інвестпраекта, а не яго скасавання», — адзначыў ён.

Бізнесмен таксама адзначае, што «ўсё заявы і скаргі Мінгарвыканкама, што падаюцца ў суд, стракацяць спасылкамі на «даручэнні кіраўніка дзяржавы, кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, меркаванне пракуратуры, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, пратаколы пасяджэння рабочых груп, лісты сакратарыята Савета Бяспекі» і іншыя гучныя структуры і складваецца ўражанне, што яны такім чынам спрабуюць замаскіраваць неабгрунтаванасць сваіх уласных довадаў».

Зрэшты, у Мінгарвыканкаме знайшлі новы выхад з сітуацыі, каб гэтаму праекту не даць рэалізавацца. Нядаўна камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама даручыў «Мінскграда» распрацаваць ПДП тэрыторыі ў межах пр. Пераможцаў — пр. Машэрава — вул. Дамашэўская — чыгунка — вул. Кальварыйская — вул. Мельнікайтэ. Пры гэтым прызналі немэтазгодным улічыць ў праекце дэталёвага планавання 12- павярховы бізнес-цэнтр з паркінгам. Варта нагадаць, што раней пры разглядзе адкарэктаванай архітэктурнай канцэпцыі на горадабудаўнічым савеце «адзначаны высокі прафесійны ўзровень дадзенага аб'екта, а яго размяшчэнне прызнана прынцыпова магчымым».

У Мінгарвыканкаме кажуць, што акрамя ўсяго іншага іх бянтэжыць дзелавая рэпутацыя Аркадзя Ізраілевіча і спасылаюцца на высновы спецслужбаў. Аднак абгрунтаванасці дадзеных заяў у судзе не ўбачылі. Пры гэтым бізнэсмэн падаў выпіскі з банкаў, прадстаўнікі якіх называюць Ізраілевіча «надзейным дзелавым партнёрам і бізнэсмэнам».

Дадзены канфлікт паказвае, як падпісанне інвестдамовы ад імя Рэспублікі Беларусь яшчэ не ёсць гарантыяй захавання законных інтарэсаў патэнцыйных інвестараў, як пра гэта дэкларуецца з высокіх трыбун. Звычайна пакаранне нясуць бізнесмены, якія не выконваюць сваіх абяцанняў. Выпадак, калі беларускі суд у спрэчцы прыватніка і ўладаў не падтрымаў апошніх, з'яўляецца рэдкасцю. Значыць, сталічныя ўлады ў сваіх намерах аказаліся не да канца паслядоўнымі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?